ПЕСНЯ МАЙГО КРАЮ

Вера Іосіфаўна Вайцюль больш дзесяці гадоў працуе сторажам у Смаргонскім аддзеле Дэпартамента аховы.

У часы натхнення, калі словы самі штурхаюцца ў сэрца, Вера Іосіфаўна піша вершы, вельмі душэўныя, прысвечаны роднай весцы, прыродзе, беларускай мове, блізкім людзям, Бацькаўшчыне і Богу. У іх радках спалучаюцца радасць, каханне, перажыванні, трагедыі і расчараванні.

Вера Іосіфаўна штогод прымае ўдзел у смотры-конкурсе мастацкай самадзейнасці сярод работнікаў аховы Рэспублікі Беларусь, яе творы неаднаразова былі адзначаны Дыпломамі. Радкі верша “Ёсць такая адказная справа” сталі уступам да відэароліка, знятага да 65-годдзя  службы аховы.

Вось і у гэтым годзе, аб’яўленым Годам малой радзімы,  Вера Іосіфаўна напісала не адзін верш, прысвечаны роднаму краю.

 ????????????????????????????????????

????????????????????????????????????

Начальнік  

Смаргонскага аддзела

Дэпартамента аховы МУС  Рэспублікі  Беларусь

Яуген Бышкала

 

 ПЕСНЯ МАЙГО КРАЮ

 Калі ці светлай радасці, ці скрусе

няма куды ўжо ўглыбіцца глыбей,

пральецца песняй роднай Беларусі,

бясцэнным скарбам думаў і надзей…

І даў жа Бог ёй мець такую міласць,

такую моц, каб век суладна жыць,

каб хваляваць да самае магілы,

спяваць яе, і плакаць і любіць.

Даўнейшая, зусім старая песня,

вясковая, кране цябе да слёз…

На дне душы забытая ўваскрэсне –

мясцінка, дзе радзіўся ты ды рос.

І ўспомніш, як спявала ціха маці.

Вымала цёплы бохан – свята ў хаце.

Пяюць дзяўчаты ля суседняй вёскі,

плывуць над полем песень адгалоскі.

А першы ўкос на роснай сенажаці!

О, колькі ты цяпер гатоў аддаць

за шчасце гэтых радасных хвілін,

як сон, пары юнацкай успамін.

О песня маёй матухны-зямліцы,

ты ў кожным сэрцы кветкай прарасла,

вянкі звівала дзеўцы-купалінцы,

ці рэчанькай няпоўнаю плыла.

Плывеш і не жадаеш іншай долі.

Пявучая, ты праз усе вякі

не зведала спатолі аніколі,

народная, з табой мы сваякі.

Я веру ў твае сілы цудадзейства –

так лечаць травы роднае зямлі,

так маці гоіць зраненае сэрца

і моліцца за нас, дзе б ні былі.

Каштоўны дар, цябе так прагне сэрца,

што нават словы цяжка падабраць.

Няхай святая повязь не парвецца,

цябе і помніць будуць і спяваць.

Шануйце ж песню, як малітву тую,

вось як сказаў пра песні наш паэт:

“Як толькі песню родную пачую,

у кроплі бачу нават цэлы свет…”

О, песня маёй роднай Беларусі,

крынічка жаўруковая мая!

Я ж да цябе ўсім сэрцам прыгарнуся,

паслухай, чуеш, як пяе наўкол зямля.