Адказная, ініцыятыўная, добразычлівая

Так калегі характарызуюць бухгалтара, Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы, старшыню прафсаюзнай пярвічкі арганізацыі Тамару Цярэшка. Тамара Канстанцінаўна працуе ў аддзле 42 гады і за гэты час зарэкамендавала сябе не толькі сапраўдным прафесіяналам, але і добрым, спагадлівым чалавекам, нездарма калектыў абраў яе прафсаюзным лідарам.

У Дзятлаўскім аддзеле Дэпартамента аховы шмат добрых традыцый, і адна з іх – ва ўрачыстай і цёплай абстаноўцы віншаваць работнікаў са значнымі падзеямі ў жыцці. У такія моманты да словаў пажаданняў далучаецца і прафсаюзны лідар, але на гэты раз усё было крыху “не па пратаколу”, бо віншаванні з юбілейным днём нараджэння прымала сама Тамара Канстанцінаўна. З гэтай нагоды ў зеле пасяджэнняў сабраўся асабовы састаў аддзела і завіталі госці.

Са шчырымі словамі віншавання і пажаданнямі да юбіляркі звярнуўся начальнік Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы Дзмітрый Харошка:

– Моцнага вам здароўя, Тамара Канстанцінаўана, шчасця і пазітыву, няхай вашы дзеці і ўнучка радуюць вас, а анёл-ахоўнік абараняе ад усялякай бяды. Вы – аптымістка, такой заставайцеся і надалей.

Ад імя Дзятлаўскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржустановаў Тамару Цярэшка павіншавала старшыня арганізацыі Ірына Жэгала. Пажадала, каб побач заўсёды знаходзіліся добрыя і надзейныя людзі. Ірына Дзмітрыеўна ўручыла юбілярцы Ганаровую грамату рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў дзяржаўных установаў “за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесійны ўзровень, а таксама – за актыўную работу па абароне працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў работнікаў”.

Член райкама прафсаюза работнікаў дзяржустановаў Раіса Лазута таксама выказала найлепшыя пажаданні на адрас Тамары Канстанцінаўны – здароўя, удачы, дабрабыту, светлых надзей.

Юбілейны дзень нараджэння – гэта кветкі, падарункі, віншаванні і выдатная нагода ўзгадаць лепшыя падзеі мінулых дзён. Адной з найбольш значных сярод іх Тамара Цярэшка лічыць уладкаванне на працу ў Дзятлаўскі аддзел Дэпартамента аховы. Адбылося гэта 10 лістапада 1977 года. З таго часу мінула больш за чатыры дзесяцігоддзі, на службу ахоўнікам правапарадку прыйшлі новыя тэхналогіі, давялося з імі “знаёміцца” і бухгалтару аддзела. Тамара Канстанцінаўна сёння з усмешкай ўзгадвае, як пасля трохдзённых курсаў навучання ў Гродне прывезла ў аддзел першы камп’ютар, а затым асвойвала “новую” машыну і выдатна справілася з гэтай задачай. А год назад жанчына “паставіла” новы рэкорд самаразвіцця – здала на вадзіцельскае пасведчанне і цяпер сама ездзіць за рулём.

На пытанне, што натхняе на новыя дасягненні, юбілярка адказвае коратка: людзі. І тлумачыць:

– Мне заўсёды шанцавала на добрых сяброў і суседзяў, але асабліва пашчасціла трапіць у дружны зладжаны калектыў, таму кожны дзень на работу іду, як на свята. У нас выдатны кіраўнік, які падтрымлівае не толькі ў рабоце, але і пры ўзнікненні асабістых цяжкасцяў у жыцці. Лічу што гэта вельмі важна. Прыклад са старэйшага пакалення бярэ наша моладзь.

У сваю чаргу калегі Тамары Цярэшка зазначацюць, што больш адказнага, адукаванага, добрасумленнага чалавека, чым яна, цяжка знайсці, а таму работнікі аддзела спадзяюцца, што Тамара Канстанцінаўна будзе працаваць поруч з імі яшчэ доўгі час.

Терешко фото

Ірына СТЫРНІК